
на гадзінніку 2:38.
яшчэ трахан -- і курсач народжаны! пакапаўся ў загашніках і адкапаў свой артыкул на гэту тэму з трэцяга курса. Усё ж актуальна яно і ў канцы чацвёртага...
Цiкавы народ, гэтыя выкладчыкi: вось ходзяць студэнты ва унiвер, ходзяць, а пасля гоп — i курсавую пiшы. Выкладчык сказаў — ён i праверыць, а студэнт сядзi i думай. І яшчэ што цiкава: чым больш адцягваеш з напiсаннем, тым страшнейшыя чуткi з’яўляюцца ў студэнцкiх колах. Камусьцi нарасказваюць жахаў (выкладчык, маўляў, абавязкова панiзiць адзнаку, калi водступы ў тваёй не будуць алгарытму адпавядаць), другога напужаюць знiжэннем балу за кожны дзень пратэрмiноўкi: i што вы думаеце, найбольш напужаныя вечарам сядалi i... на ранiцу на адну працу на курсе станавiлася больш.
Але звычайна пра тое, у якi дзень трэба здаць усе курсавыя працы, выкладчыкi студэнтаў папярэджваюць загадзя. Ды i нагадваюць час ад часу, каб хоць якую частку ўжо i прынеслi. Цi хоць бы ўводзiны, так i быць. Вось студэнты i... не прыносяць. Вядома — занятыя, як i заўсёды, цягнуць да апошняга. Просьба не крыўдзiцца выдатнiкаў (яны заўсёды ўсё робяць у час), але я маю на ўвазе студэнтаў звычайных. Сярэднестатыстычны шкаляр пра сваю курсавую ўзгадае толькi пасля таго, як убачыць выдатнiцу Кацю, якая ўжо i ўводзiны з мэтамi i задачамi прынесла, i нават першыя дзве часткi расстаралася.
Тыдзень, часам i паўтара, займае ў студэнта толькi пошук лiтаратуры. Часам гэта нагадвае вядомую схему: схадзi ў Нацыянальную бiблiятэку i прачытай невядома ў чым невядома што. I яшчэ не забудзься з гэтага невядома чаго зрабiць невядома якiя выпiскi. Калi справа зробленая, што самае дзiўнае, толькi тут пачынаеш разумець, навошта ўвогуле ты ўсё гэта назбiраў. Канцэпцыя, як кажуць, зразумелая. I справа — ужо за тваiм майстэрствам запiсваць усе неабходныя думкi ў неабходны час у агульную працу пад назвай "курсавая". Але гэта ўсё не так i проста. Вось сеў я ў панядзелак пiсаць: патрэбных думак, як капусты для зайца зiмой — адна кара. Метад "мазгавога штурму" таксама не да чаго не прывёў... Прыйшлося сядаць у аўторак. А пасля i ў сераду, а за iм i чацвер прыйшоў.
Да здачы
курсавой 24 гадзiны
Чацвер — паўнавартасны студэнцкi дзень з лекцыямi i семiнарамi. На вулiцы холадна — хоць ваўкоў ганяй, а ў галаве трашчыць — хоць ты мозг збiрай! Яшчэ ранiца, а думкi пра вечар. Каб хоць неяк падняць сабе настрой, узгадваю параду пра смачненькае, якое здольнае вярнуць бадзёрасць i аптымiзм.
За смачненькае на гэты раз ў мяне былi цукеркi "Дзецям". Хоць я i не "дзецi", але па хуткасцi паядання шакаладных цукерак, вiдаць, даў бы фору любому кiндэру. Цукерак купiў паўкiлаграма i вырашыў з’ядаць па адной на працягу дня, у перыяд асаблiвага голаду. Але яшчэ i гадзiны не прайшло, як цукеркi, купленыя "надоўга" ужо жавала палова групы, дзякуючы мне за шчодрасць. Ну, не магу я стрымацца i не пачаставаць чалавека, калi бачу на яго твары кiслую мiну. Адна цукерачка "Дзецям" — i студэнт ажывае, ён усмiхаецца i жмурыць вочкi ад задавальнення, як тое кацянё, калi яго пагладзiць пад барадой. Адно толькi адрозненне: кацяняцi гэтаму многа не трэба: малака папiло, на канапе павалялася — выспалася, i — хвост трубой — пабегла на двор. I нiякiх вам курсавых. Студэнт жа курсаабавязаны.
Ведаеце, якое слова становiцца самым папулярным у студэнцкiм асяродку на працягу дня? Абсалютна правiльна: курсавая праца. I ўсе звязаныя з iм словы таксама: кiраўнiк, не хачу, камп’ютар, беларускi аўтаперакладчык, флэшка, бiблiятэка не працуе, дай спiсаць, абарона, спiс лiтаратуры, дэпрэсiя, служба электронных рэфератаў, страшна...
Да здачы
курсавой 16 гадзiн
Цiхi вечар. Цёплы вечар. Недапiсаная курсавая...
Толькi сеў, нарэшце, за камп’ютар — i званок. Аднагрупнiца. "Слухай, ты памятаеш пра што я прасiла цябе паглядзець? Ты паглядзеў, цi як? Ды я пра пытаннi да семiнара па замежнай лiтаратуры..." Не наспеў я прабачэння папрасiць, як у пакой пастукалi. "Ой, Iлья, ты тут? (а дзе мне яшчэ быць?). Слухай, праўда ты дапаможаш нам халадзiльнiк у пакой занесцi? Дамовiмся з табой на заўтра, я на шостым паверсе жыву..." Не паспеў я закрыць рот ад нечаканасцi, як зноў званок: "Iлья, сярод знаёмых выпадкова нiкому пакой у двухпакаёвай кватэры не патрэбны?", а пасля яшчэ адзiн: "Сынок, чаму ты не перазванiў, я вельмi хвалявалася." Патэлефанавала нават былая аднакласнiца, з якой не бачылiся два гады. I што за дзень такi сёння?!
Звычайны. З курсавой толькi лепш не зацягваць.
Да здачы
курсавой 9 гадзiн
Ну вось, засталося дапрацаваць першую частку, а пасля напiсаць другую i трэцюю, затым яшчэ спiс лiтаратуры правiльна аформiць i дадатак дапiсаць. I будзе ўсё зроблена. Не бяда, што час познi — наперадзе яшчэ цэлая ноч. Вы не паверыце, як шмат часам можна зрабiць за адну ноч. Ого-го! Але абмяжуемся пакуль курсавой...
"Ух, гэтыя суседзi! — не на жарт злуецца на мяне i майго аднакурснiка аднапакаёўца Вiталь. — Першы час ночы, а яны i ў вус не дуюць. Друкуюць як у рэдакцыi — у нас што тут, цэх па вытворчасцi газет?"
Вiталiк — першакурснiк, яшчэ не прывык класцiся позна. Таму, каб яму не перашкаджаць, прыходзiцца перабрацца на кухню.
А ўсё-ткi гэта цудоўна, што кожны студэнт павiнен працу такога кшталту напiсаць. Гэта ж якiя здольнасцi ў сабе адкрываеш! Ты сам сабе i цэнзар, i аўтар, i рэдактар, i чытач. Адчуваеш сябе i выкладчыкам, i навукоўцам, i вучоным-лiнгвiстам, i кандыдатам навук, якi рыхтуецца да абароны аўтарэферата, i доктарам навук, нават акадэмiкам! Толькi найперш недаспаным студэнтам, якi праз вецер у сваёй галаве "тварыць" вымушаны ноччу ў самы апошнi момант...На ранiцу, хочаш-не-хочаш, ты павiнен прынесцi напiсаную працу.
Да здачы
курсавой шэсць гадзiны
05: 41 маiм камп’ютары: я iду класцiся спаць, каб праз тры гадзiны ўстаць i раздрукаваць тэкст. З гонарам маткi-парадзiхi гляджу на сваё пакуль яшчэ электроннае дзiцятка. А ўсё ж добрае яно атрымалася. Няхай жа расце вялiкiм. Не сорамна i самому паглядзець, i навуковаму кiраўнiку паказаць.
* * *
А наперадзе яшчэ абарона: выкладчыкам трэба даказаць, што гэтую курсавую "нарадзiў" менавiта ты, а не які-небудзь кандыдат навук, што падпрацоўвае ў фiрме электронных рэфератаў. Але я ведаю, што абаранюся, бо "дзiцё" — маё.
Комментариев нет:
Отправить комментарий