Поиск по этому блогу

четверг, 30 сентября 2010 г.

Белазаўскі акорд.


Ёсць фестывалі вялікія, а ёсць маленькія
на адным з такіх нядаўна пабываў і я. Белазаўскі акорд.Пра тое, як гэта было, чытайце тут:

Калі душа баліЦ
"Белазаўскі акорд" складаецца з двух аддзяленняў. Першае – беларуская праграма, другое -- адвольная. Канкурсанты самі падбіраюць сабе рэпертуар, шыюць касцюмы і прадумваюць нумары. 2 дні, 15 фіналістаў, 30 песень.

…Дзень першы. Беларуская праграма. Слухаючы “Стасю”, “Рэчаньку” і “Зараніцы”, думаецца, што вось яно, урэшце прычакалі -- беларуская моладзь у Беларусі спявае па-беларуску. Але прыслухаўшыся, -- “санцавейныя пеСні”, “душа баліЦ”, “ён маўчыЦ” -- разумееш, што пры завучванні песень хлапцам і дзяўкам было не да "калосся жытоў і пшаніц", пра асіміляцыю ніхто не думаў.

Часам даходзіла да камізму: адна з канкурсантак проста пераклала песню з рускай мовы на беларускую. Атрымалася, як у той графаманскай рыфме пра “любовь-вновь-кровь”: “я не губляю кантроль над сітуацыяй, усім патрэбна любоў, а не правакацыя”.
Прыемна парадавалі новыя аранжыроўкі вядомых песень, кшталту “Касіў Ясь канюшыну”. Вось толькі гледзячы на хваравітага хударлявага саліста Яся, не на жарт пачынаеш хвалявацца за рэпрадуктыўнае здароўе беларусаў. Ды і працавітыя Яніны з вакальнай групы "Світанне" далі маху – дзе вы бачылі, каб жыта жаць маладзіца ў атласнай сукенцы хадзіла?

Таму, калі на сцэну у стылізаваным строі з валошкавым узорам басанож выйшла чарговая Яніна, зала анямела, зачараваная энергетыкай нумара. Дзяўчына спявала пра "Азярцо" -- жаласліва так, кранальна, выцягваючы кожную нотку. А публіка, бы тыя трусы перад ўдавам, не маглі адарваць вачэй ад сцэны. На момант мне нават падалося, што я сапраўды чую, як пад суседкай, што леваруч мяне, імкліва бурліць крыніца і шуміць вадаспад…
-- Спасибо! – эмацыйны крык ў залу на апошніх акордах.
Вось табе і крыніца. Уся эстэтыка сышла на нуль.Такі добры нумар, а аддзячыць па-руску. А так хацелася верыць у шчырасць беларускай мовы гэтай босай прыгажуні…

З песні манеру выкінеш! Калі спрабаваць.
У другім аддзяленні, дзе артысты маглі выбраць любую песню, слухачы пачулі толькі адну беларускамоўную кампазіцыю. Затое было тры англійскіх, адна французская і дзевяць рускіх.
Маладыя ж таленты вырашылі дзейнічаць без промаху -- большасць выбірала вядомыя песні Паулза, Рэзніка, Дробыша, Антонава…

Канкурсантка з Брэста вырашыла, што яе голас найлепш раскрые песня Паліны Грыфітс "Я всё поняла". І ўсё б нічога, вось толькі сцэнічны касцюм, мякка кажучы, быў не з той оперы. Чорныя скураныя рамяні падтрымлівалі міні-анучы ўнізе жывата і на грудзях. Увогуле, касцюм на ўсе сто ўпісваўся пад апісанне: "як я ад сабак уцякала". Відаць, спрабуючы ва ўсім быць падобнай да Паліны Грыфіц, спявачка рухалася па сцэне вельмі агрэсіўна. Часам з яе вуснаў так і прасілася рэпліка: "Аддай батон!".
А дзяўчыне з Оршы ўсю эстэтыку псавала няўдала падабраная падтанцоўка. У мешкаватых касцюмах танцоры нагадвалі пінгвінаў.
У зорныя часы Аіды Вядышчавай тэмбрам свайго голаса вярнула нас канкурсантка з Буда-Кашалёва, а ў песні маладой спявачкі з Мінска было вельмі шмат высокіх нот -- таму, як толькі яна іх брала, усе дружна за яе радаваліся і гэтак дружна зморшчвалі ілбы -- голас разліваўся як той ультрагук...

3 комментария:

  1. а хто гэты няголены мужык?))

    >>-- Спасибо! – эмацыйны крык ў залу на апошніх акордах. <<
    проста Лена Маер-Ландрут: "Філь, філь данк", - ці як там.

    ОтветитьУдалить
  2. "Няголены мужык" выражае мой стан душы, настрой у дачыненні да конкурсу))

    А пра Лену Маер-Ландрут я і не падумаў, добрае параўнанне:)
    А Лена казала: данке, зінд зі феррюкт=)
    але абое рабое)

    ОтветитьУдалить
  3. эх, не апраўдаліся спадзяванні, што гэта ў зале нехта сядзеў з такой фізіяноміяй))). хі ба што вы =)

    ОтветитьУдалить