Поиск по этому блогу

суббота, 15 октября 2011 г.

машына, якая крадзе жыццё

Гаворка ідзе пра камп'ютар. Сёння я не заходзіў у інтэрнэт большую палову дня і магу сказаць, што даўно не адчуваў сябе настолькі свабодным і вольным. Не залежным ад інтэрнэту.
Я выспаўся, з'ездзіў у бібліятэку, а пасля і пасядзеў над нямецкай... Калі б я зранку ўключыў комп, я займаўся б іншым. Малапатрэбным.
Час ад часу на працы я ўключаю першы канал беларускага радыё і ...проста кайфую. Адразу ўзгадваю сваё маленства: цёплы -- пасля дажджу -- ліпеньскі вечар у бабулінай вёсцы Засвір. Бабка доіць карову, астатняе сямейства разбрылося дзесьці па хаце, а я сяджу за сталом, нешта малюю-чытаю-размалёўваю, а ў пакоі ўключана радыё. "З легендаў і казак былых пакаленняў..." -- чытае дыктар Алег Вінярскі; моўная хвілінка, падчас якой я заўжды рабіў гук на большую гучнасць і натуральна -- казкі. Сядзіш вось так у вечаровым настроі і слухаеш, адкрыўшы рот, казку па радыё. Цікае на стале будзільнік, які ў бабулі амаль заўсёды ляжаў цыферблатам уніз (калі будзільнік пераставаў ісці, бабуля клала яго на бок і ён сапраўды ізноў ішоў); бразнулі дзверы - прыйшлі каты (яны былі намудрыўшыся пысай адкрываць дзверы). Сядзіш вось так і чакаеш, што зусім хутка бабуля прынясе свежага цёплага малака, а пасля будзе і вячэра. Магчыма вечарам пойдзем з сястрой гуляць да суседзкіх дзяцей (якія таксама прыязджалі да бабы з дзедам) у карты.
і так табе спакойна. ціха. утульна...
калі б у мяне ў тыя часы быў камп'ютар, такіх яскравых успамінаў хутчэй за ўсё не было б. Магчыма я грэзіў бы танчыкамі ці іншай лабудой. У свае 22 я ні разу не гуляў у камп'ютарныя гульні. Пра воркрафт (ці як там) і розных "ботаў", якіх трэба "забажыць" у контрастрайку я толькі чуў ад сяброў, калі жыў у інтэрнаце ў 10-м класе.
Дакладна ведаю, што не пазнаёміўся б са столькімі людзьмі ў Гродна падчас вучобы ў ліцэі, калі б у мяне быў тады комп.
Я вельмі ўдзячны маёй сям'і, што комп з'явіўся ў мяне ўсё ж не да ўнівера, ва ўніверы. Тут -- гэта была ўжо неабходнасць. Хадзіць і прасіць аднакурснікаў ці старшакурснікаў, каб напісаць артыкул ці набраць тэкст на рэферат -- гэта было ўжо няёмка ці часта ўжо сорамна.
Добра помню, што камп'ютар у мяне з'явіўся толькі на другім курсе. А калі я быў на трэцім, такімі штукамі абзавяліся амаль усе з маіх знаёмых -- глабалізацыя.
І хоць сёння некаторыя выкладчыкі і кажуць, маўляў, калі вашая мама была вамі цяжарная, то адпраўляла лісты праз эмэйлы -- усё гэта лухта. Але вось што сапраўды страшна -- гэта калі сёння малыя дзеці амаль з пялёнак у сеціве.
Я не магу сказаць, што сёння я магу абысціся без камп'ютара ў жыцці і асабліва на працы. Але мне 22 гады. А калі чалавеку толькі восем?!
Між іншым, комп -- акрамя плюсаў мае і шмат мінусаў. перш за ўсё -- машына крадзе ў нас вольны час, крадзе наш каштоўнейшы час. А як прыемна выключыць гэту машыну і адкрыць кнігу, выйсці падыхаць паветрам ці проста паляжаць у цішыні. Я даўно перастаў засынаць апоўначы, калі ў пакоі з ужо выключаным святлом ты можаш глядзець на столь і ўслухвацца ў гукі за акном. І як жа сумую па гэтаму.

1 комментарий:

  1. Согласна на все 100. У меня несколько дней компьютера вообще не было. Как назло, конечно, много дел нужно было сделать. Ну ничего, не сделала эти, другими занялась. Не менее важными

    ОтветитьУдалить