Гэтай падзеі чакаеш увесь год, а калі гэты дзень нарэшце прыходзіць -- адчуваеш сябе нейкім непадрыхтаваным. Вось гляджу на каляндар -- заўтра 5 студзеня. Гэты дзень у мне атаясамліваецца са мною. Глядзіш на гэту пяцёрку і разумееш, што гэта -- твой дзень.
Вось і зараз, калі на календары толькі 4 студзеня, у мяне пачынаецца такі адмысловы перадсвяточны мандраж, але ён знікне праз хвілін 10. І заўтра праз увесь дзень мяне не будзе пакідаць адчуванне радасці, якое будзе перахоплена адчуваннем падзякі маме за той дзень. Гэта яна калісьці энную колькасць гадоў мяне нарадзіла. Вечарам а палова шостай. Нават сёння яна стараецца заўсёды званіць прыкладна ў гэты час...
Дзень нараджэння -- дзень асаблівы. Калі ты нібыта становішся на год старэйшы, але ў той самы час працягваеш быць тым, кім быў учора -- дваццаці двух гадовым.
Я не люблю адзначаць Дзень нараджэння, не лічу, што гэта нейкая асаблівая падзея. У сям’і, паміж табой і тваімі бацькамі, братамі-сёстрамі -- так. На працы ці інстытуце -- ніколі не разумеў, калі людзі гуляючы ў начным клубе, могуць крыкнуць -- бармэн, налівай усім -- у мяне ДН, я прастаўляюся. Не люблю гэты выраз “прастаўляцца за ДН”. Нібыта ты нешта некаму павінен за тое, што нарадзіўся. Толькі Пан Бог і твае бацькі прычыніліся да твайго з’яўлення на свет. Максімум каму ты можаш занесці бутэльку белага сухога віна -- гэта персанал радзільні або дзіцячага садку. Але прычым тут астатнія?
Але ўсё ж звычайна увесь дзень -- твой Дзень нараджэння -- ты нібыта лётаеш, а не ходзіш. Здаецца, што як гэта -- у гэты дзень табе паставяць іспыт ці накіруюць у камандзіроўку?! Але ў мяне вось на заўтра дзве сустрэчы прызначаныя. Па працы. Вядома, я не буду іх пераносіць, бо гэта мая праца.
Часам прыходзіць адчуванне, што можа, хоць і стараешся быць незаўважаным нікім у гэты дзень, усё адно ты нечага чакаеш. Можа, цуду якога? Чакаеш нечага такога, што павінна адбыцца. Толькі не ведаеш, што. Дакладна скажу, што не падарункаў чакаю ў гэты дзень (увогуле, гэта слова мне не падабаецца -- надта ўжо расцягалі без дай прычыны гэты тэрмін).
Асабліва вечарам, калі твой план па застацца непрыкмечаным нікім у гэты дзень апраўдваецца, табе так і карціць выбегчы на вуліцу і першай сустрэчнай прадаўшчыцы ў краме сказаць: а ў мяне ДН. Ці проста стаць у гэты слякотны зімні вечар а палове шостай на вуліцы і закрычаць на ўсю ваколіцу -- каб чулі ўсе, або ніхто -- УР-ра!! -- сёння я нарадзіўся!!! Дзякуй бацькам і Богу!
Віншую. Усяго толькі цёплых слоў. Дабра. Цяпла. Поспеху.
ОтветитьУдалить